135-годдзе ад нараджэння Янкі Купалы

  • 135-годдзе ад нараджэння Янкі Купалы

Сёлета адзначаецца 135-годдзе ад нараджэння Янкі Купалы. У гонар гэтай падзеі 8 студзеня перад спектаклем “Кругі раю” РТБД наладзіў імпрэзу пад назвай “Завуся ж я толькі Янка Купала…”, у якой прынялі удзел чытальнікі, спевакі, барды, музыканты.


Наша школа “Альтэрнатыва” пасябравала з тэатрам праз творчасць Янкі Купалы: у нас у гасцях ужо пабывалі рэжысёр спектакля “Кругі раю” Святлана Навуменка і паэтэса Вера Буланда, а вучні і настаунікі, у сваю чаргу, паглядзелі гэты выдатны спектакль.


Таму, калі нашаму школьнаму тэатру “Крылы” прапанавалі прыняць удзел у імпрэзе РТБД, мы зацікаўлена адгукнуліся і старанна рыхтаваліся да выступлення. Вучань 7 “А” класа Мікіта Дзянісаў пранікнёна і эмацыянальна прачытаў два Купалавых верша і годна прадставіў нашу навучальную установу на пляцоўцы РТБД.


Юнак заваяваў шчырыя апладысменты залы і запрашальныя білеты на прэм’еру новага спектакля “Пакуты ад здаровага сэнсу”. Наша група падтрымкі была вельмі ўзрадаваная добраму выступленню Мікіты. Пасля імпрэзы мы яшчэ раз, але з моцным пачуцём перажывання за галоўнага героя, глядзелі спектакль “Кругі раю”.


А пасля спектакля адбылася творчая сустрэча з акцёрам Дзянісам Паршынам, які выканаў ролю Янкі Купалы, і рэжысёрам Святланай Навуменкай. Яны расказалі, як ствараўся спектакль і адказалі на пытанні гледачоў. Вечар пакінуў мноства ўражанняў і добрыя перспектывы новых сустрэч!